Шанаванне сваіх продкаў і павага да сваіх каранёў заўсёды былі адметнымі рысамі беларусаў. Таму ў беларускім традыцыйным календары больш за пяць дзён у годзе адведзена для памінання нябожчыкаў. Называюцца гэтыя дні — Дзяды. У Беларусі гэты звычай, які прыйшоў з дахрысціянскіх часоў, захаваўся практычна ў першапачатковым выглядзе. Адзначаюць Дзяды ў розны час года: на Масленіцу, Радаўніцу, Сёмуху, перад днём Пятра і Паўла. Але галоўнымі для беларусаў лічацца восеньскія Дзяды альбо, як іх яшчэ называюць, Асяніны. Дзяды — гэта значыць «продкі». Гэты тэрмін ужываецца ў дачыненні да продкаў-нябожчыкаў.
Дакладнай даты святкавання восеньскіх Дзядоў першапачаткова не было — продкаў паміналі ў трэцюю суботу пасля Пакроваў. Сучасныя беларусы выбралі для сябе фіксаваную дату Дня памяці — 2 лістапада. Лічылася, што ў гэты дзень душы нябожчыкаў прыходзяць у хату. Рыхтаваліся да Дзядоў загадзя: прыбіралі ў хаце, асабліва старанна мылі вокны. Нашы продкі верылі, што праз чыстае акно душам прасцей будзе трапіць у хату. Таксама палілася лазня, усе члены сям'і мыліся, а пасля ў лазні пакідалі ваду і венік — каб душы таксама маглі памыцца. Лічылася, што чысціня і парадак усцешаць продкаў, якія праявяць ласку і дапамогуць дасягнуць дабрабыту сваім жывым сваякам.
У Дзень памяці гатавалася вячэра, якая абавязкова павінна была быць сытнай і багатай. Запрашаліся родныя, сябры і суседзі. Рыхтаваліся святочныя і абрадавыя пачастункі: куцця, бліны, яечня, мяса, поліўка, кампот з сухафруктаў з мёдам, аўсяны кісель і іншыя. На стол ставілася пустая талерка і чарка — для Дзядоў. Пачынаў вячэру гаспадар дома, які са свечкай абыходзіў стол, пасля адчыняў вокны і дзверы, каб запрасіць душы на святочную вячэру. У працэсе памінання кожны за сталом павінен быў адкласці трохі ежы са сваёй талеркі ў «дзедаўскую» і адліць у пустую чарку са сваёй чаркі — падзяліцца. Падчас вячэры вяліся гутаркі, успаміналі нябожчыкаў і цікавыя выпадкі, звязаныя з імі. Продкаў паміналі добрымі словамі, дзяліліся захаванымі ад прадзедаў парадамі. Тое, што не з'елі, пакідалася на стале да раніцы, каб душы маглі ўдосталь паесці. У канцы вячэры зноў уставаў гаспадар, які чытаў малітву і тушыў запаленую свечку кавалачкам хлеба альбо бліна.
Пасля вячэры трэба было парадаваць продкаў танцамі, песнямі, пераапрананнямі і выступленнямі. Лічылася, што душы павінны добра павесяліцца, каб не наслаць на дом няшчасця. Гаспадар мог сказаць: «Дзяды, пагасцявалі ў нас, цяпер ідзіце». I, каб быць упэўненым, што душы сапраўды сышлі, гаспадар ставіў барану лязом у бок парога. На наступны дзень з раніцы сям'я зноў садзілася за стол і даядала тое, што засталося ад вячэры.
Дзяды з'яўляюцца старажытным святам. Беларусы адзначаюць яго са шчырасцю. Яны не толькі вераць у абраднасць, але і дэманструюць сваю высокую маральнасць з яе павагай да сваіх каранёў і вытокаў.