Мінск / вуліца Ташкенцкая, 40
У пойме ракі Свіслач на паўднёвым усходзе Мінска па вуліцы Ташкенцкай, 40 знаходзіцца Мінскі заапарк, які стаў за гады свайго існавання сапраўднай славутасцю горада. Тут можна ў любы час пазнаёміцца з разнастайнасцю жывёльнага свету планеты, убачыць звяроў, з якімі цяжка сустрэцца ў натуральных умовах, правесці час не толькі з задавальненнем, але і з карысцю.
Гістарычная даведка. Гісторыя Мінскага заапарка пачалася з ... бусла! Птушка трапіла ў мазут. Яе з пашкоджанымі крыламі падабралі добрыя людзі, адмылі, а потым прывезлі ў Батанічны сад. З прыходам зімы бусла перавезлі ў Інстытут заалогіі. Адтуль птушка, якую назвалі Журка, трапіла ў аранжарэю Мінскага аўтамабільнага завода. Да вясны для Журкі зрабілі домік на беразе Свіслачы. А 9 жніўня 1984 года ў гонар 40-годдзя МАЗа адкрыўся Зоабатанічны сад Мінскага аўтазавода. У 1997 годзе ўстанова стала «Мінскі заапаркам». У 2001 годзе дзеля глабальнай рэканструкцыі дзеючага і будаўніцтва будучага заапарка была зарэзервавана тэрыторыя больш за 40 гектараў.
Сёння Мінскі заапарк – гэта вялізная тэрыторыя з мноствам вальераў, тэрарыум, дэльфінарый, акварыум, экзатарыум. У заапарку знаходзіцца каля 2000 жывёл – прадстаўнікоў больш за 400 відаў, сярод якіх 200 занесены ў Чырвоную кнігу.
Сярод насельнікаў Мінскага заапарка можна ўбачыць львоў, мядзведзяў, вярблюдаў, магутнага зубра, лісіц, а таксама ваўкоў. У экзатарыуме «Арынока» жывуць прадстаўнікі фауны Паўднёвай Амерыкі: трапічныя птушкі, небяспечныя піранні і кайманы, анаконды, экзатычныя квакшы і дрэвалазы, чарапахі, дзікабраз і іншыя. Найбольш буйныя жывёлы ў экзатарыуме – ягуары, два з каторых маюць звычайны колер, а адзін – чорны. Ёсць тут і рэдкая жывёліна ацэлот, які ў свеце амаль знік. У заапарку адзначаюць, што жывёл не забралі з натуральнага асяроддзя – яны нарадзіліся ў другіх заапарках.
Натуральныя затокі Свіслачы сталі домам для вадаплаўных птушак. А ў тэрарыуме жывуць ядавітыя змеі, вараны, чарапахі, павукі і экзатычныя тараканы. На кантактнай пляцоўцы «Вясковая сядзiба», калі надвор'е цёплае, можна «пагутарыць» з хатнімі козачкамі і авечкамі, пеўнямі і курамі. У 2009 годзе ў сценах заапарка нарадзілася Зубраня, якога назвалі Байнэт.
На тэрыторыі заапарка таксама знаходзіцца дэльфінарый «Нэма», дзе можна ўбачыць выступленне дэльфінаў, марскіх коцікаў і марскога льва, а таксама Дзінапарк. Апошні складаецца з 35 гіганцкіх фігур дагістарычных рэптылій, якія знаходзяцца пад адкрытым небам. Таксама тут шмат атракцыёнаў (надзіманыя горкі, каноэ, ланцужковая карусель і інш.), гульнёвых зон і месцаў грамадскага харчавання. Аматарам коней спадабаецца катанне на конях і поні. На ўваходзе ў заапарк можна купіць корм для жывёл і пакарміць капытных, якія не маюць таблічак, што гэтага рабіць нельга.
Заапарк працуе кожны дзень без выхадных і перапынкаў на абед з 10.00 да 18.00.
Кошт квітка ў заапарк - 4 у.а., у Дзінапарк - 2,80 у.а., у заапарк і Дзінапарк - 6 у.а. Квіткі ў дэльфінарый набываюцца асобна. Бясплатна ў заапарк могуць прайсці дзеці да 5-ці гадоў, дзеці-інваліды, дзеці-сіроты і ветэраны ВАВ.